На гэтым тыдні ў рамках адзінага дня інфармавання члены інфармацыйна-прапагандысцкіх групп сустрэліся з працоўнымі калектывамі раёна. Адну з такіхсустрэч, прысвечаную 75-й гадавіне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, правёў начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Вацлаў Андрыеўскі з работнікамі РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” (на здымку).
У сваім выступленні Вацлаў Іосіфавіч акцэнтаваў увагу на дзяржаўнай палітыцы і мерапрыемствах, якія накіраваны на захаванне памяці аб подзвігу савецкага народа ў перамозе над фашысцкімі захопнікамі.
Пастаянны клопат пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны застаецца прыярытэтным накірункам дзяржаўнай палітыкі Беларусі. Сёння ў краіне пражывае 6250 ветэранаў. У раёне налічваецца 14 ветэранаў, а таксама 50 асоб, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. Ва ўсіх населеных пунктах рэспублікі праведзена абследаванне матэрыяльна-бытавых умоў іх пражывання. Неабходную дапамогу атрымалі 573 ветэраны вайны і 1104 чалавекі, якія пацярпелі ад яе наступстваў.
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 сакавіка 2019 года № 118, у перыяд з 1 чэрвеня па 1 ліпеня ветэраны вайны, а таксама некаторыя катэгорыі грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, атрымаюць аднаразовую матэрыяльную дапамогу.
Удзельнікам і інвалідам Вялікай Айчыннай вайны прадастаўляюцца льготы на праезд у пасажырскіх цягніках альбо вагонах фарміравання Беларускай чыгункі. Яны маюць права на 50-працэнтную зніжку з аплаты за тэхнічнае абслугоўванне і карыстанне жылым памяшканнем, за камунальныя паслугі.
Па распараджэнні кіраўніка дзяржавы ў мінулым годзе і першым паўгоддзі сёлетняга па ўсёй рэспубліцы добраўпарадкаваны і адноўлены мемарыялы і помнікі воінскай славы, а таксама брацкія магілы, месцы масавага пахавання грамадзянскага насельніцтва.