Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўнесены змены ў пастановы, якія рэгламентуюць аказанне паслуг па тэхнічным абслугоўванні і бягучым рамонце будынкаў і збудаванняў (пастанова Міністэрства ЖКГ ад 17 верасня 2019 г. № 14 “Аб змяненні пастаноў Міністэрства ЖКГ Рэспублікі Беларусь” ад 20 мая 2013 г. № 12 і ад 30 сакавіка 2016 г. № 5). Падрабязней – у інтэрв’ю з начальнікам участка па рамонце жыллёвага фонду РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Святланай Хілько.
– Нагадаю, што бягучы рамонт – гэта асноўная камунальная паслуга, якая здольна ліквідаваць знос, аднавіць спраўнасць пашкоджаных канструкцыйных элементаў, а таксама інжынерных сістэм будынкаў, – гаворыць Святлана Барысаўна. – Разам з тым тэхнічнае абслугоўванне ўяўляе сабой комплекс работ, якія дазваляюць забяспечваць бесперабойнае функцыянаванне інжынерных сістэм. Іншымі словамі, сэнс тэхнічнага абслугоўвання заключаецца ў тым, каб прадоўжыць тэрмін эксплуатацыі дома і максімальна адкласці яго рамонт.
У прыватнасці, у дакумент дабаўлены новыя віды работ, а таксама тыя, што выконваліся раней у працэсе тэхнічнага абслугоўвання шматкватэрных дамоў. Напрыклад, зараз у рамках дадзенай паслугі прадугледжаны рамонт альбо замена сушыльніка для ручніка, які ўстаноўлены ў жылым памяшканні ў адпаведнасці з будаўнічым праектам будынка. Пры неабходнасці рабочыя будуць таксама рамантаваць альбо мяняць першую запорную арматуру, устаноўленую на пакватэрных адводах ад размеркавальных трубаправодаў (стаякоў) у дамах з гарызантальнай разводкай сістэмы ацяплення.
Наяўнасць цягі і прачыстку дымавых і вентыляцыйных каналаў газавых вадагрэйных катлоў камунгасаўцы павінны правяраць не менш за адзін раз у год, а каналаў, зробленых з цэглы, – не менш адзін раз у квартал.
– У дакуменце прапісана, што павялічыцца пералік работ, якія будуць выконвацца за кошт жыльцоў. Што канкрэтна маецца на ўвазе?
– Гэта значыць, што фактычна ўсё, што знаходзіцца ў пад’ездзе, а таксама ўваходныя дзверы, рамантуецца за сродкі жыльцоў. Ім давядзецца плаціць не толькі за малярныя работы, як гэта было раней, але і за замену вокнаў з дрэва і ПВХ,
дзвярной фурнітуры, даводчыкаў на ўваходных дзвярах, рамонт парэнчаў, поручняў і агароджаў лесвічных маршаў і іншае.
Плануецца, што плату за такія работы ўключаць у “жыроўку”. Першы чым выканаць некаторыя віды работ, камунальная служба, канечне, запытаецца пра гэта ў саміх жыхароў. Таму заклікаю ўсіх грамадзян, якія жывуць у шматкватэрных дамах, больш беражліва адносіцца да агульнай маёмасці, каб расходы на яе аднаўленне не павялічваліся.
– Ці змяніўся пералік работ бягучага рамонту ў інтэрнатах, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці?
– Так, у яго зараз уваходзяць работы па прадухіленні інтэнсіўнага зносу, аднаўленні спраўнасці пашкоджанняў інжынерных сістэм – ацяплення, вентыляцыі, гарачага і халоднага водазабеспячэння, электразабеспячэння. Таксама рамонт і замена пліт, устаноўленых на кухнях агульнага карыстання і многае іншае. Крыніца фінансавання – сродкі мясцовага бюджэту.
– Якія планы ў камунгасаўцаў па бягучым рамонце пад’ездаў у гэтым годзе?
– Сёлета яго запланавана правесці ў 38-і пад’ездах шматкватэрных дамоў у Докшыцах, Бягомлі, Параф’янаве, Крулеўшчыне, Таргунах і Барсуках.